Перайсці да зместу

Мікалай Капернік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Капернік
Дата нараджэння 19 лютага 1473[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 24 мая 1543[1][2][…] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Ніклас Капернік[d]
Маці Барбара Капернік[d]
Род дзейнасці астраном, юрыст, эканаміст, матэматык, правазнавец, фізік, філосаф, перакладчык, урач, дыпламат, пісьменнік, канонік, canon, паэт, мастак, картограф, стратэг, адміністратар
Навуковая сфера астраномія, матэматыка, механіка і эканоміка
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Domenico Maria Novara da Ferrara[d][9] і Leonhard von Dobschütz[d]
Вядомыя вучні Georg Joachim Rheticus[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікалай Капернік (польск.: Mikołaj Kopernik, лац.: Nicolaus Copernicus; 19 лютага 1473, Торунь — 24 мая 1543, Фромбарк) — вучоны польскага паходжання, астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету.

Нарадзіўся ў Торуні у купецкай сям’і, рана застаўся без бацькоў. Торунь увайшоў у склад Польшчы усяго за некалькі гадоў да нараджэння Каперніка, да гэтага ж горад насіў імя Торн і быў часткай Прусіі, якая належала Тэўтонскаму Ордэну.

Торунь: дом, дзе нарадзіўся Капернік.

Пытанне пра этнічную прыналежнасць Каперніка дагэтуль застаецца прадметам дыскусіі. Маці яго была немкай, нацыянальнасць бацькі няясная, аднак вядома, што ён быў выхадцам з Кракава. Тым самым, этнічна Капернік быў немцам ці напалову немцам, хоць сам ён, магчыма, лічыў сябе палякам (па тэрытарыяльна-палітычнай прыналежнасці). Пісаў ён на лацінскай і нямецкай, ніводнага дакумента на польскай мове, напісанага яго рукой, не выяўлена; пасля ранняй смерці бацькі ён выхоўваўся ў нямецкай сям’і маці і дзядзькі. Нікола Камнена Пападаполі пашырыў недаказаную — і, на думку сучасных гісторыкаў, ім жа самім выдуманую — гісторыю пра тое, што Капернік нібы запісаўся ў Падуанскім універсітэце палякам. Трэба адзначыць, што паняцце нацыянальнасці ў тыя гады было значна больш размытае, чым у нашы дні, і частка гісторыкаў прапануе лічыць Каперніка палякам і немцам адначасна[10][11].

У сям’і Каперніка, апроч Мікалая, было яшчэ трое дзяцей: Андрэй, пасля канонік у Варміі, і дзве сястры: Барбара і Кацярына. Барбара пайшла ў манастыр, а Кацярына выйшла замуж і нарадзіла пяцярых дзяцей, да якіх Мікалай Капернік быў вельмі прывязаны і клапаціўся пра іх да канца свайго жыцця.

Страціўшы 9-гадовым дзіцём бацьку і застаўшыся на апецы дзядзькі па маці, каноніка Лукаша Ватцэнродэ[12], Капернік у 1491 годзе паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, дзе з аднолькавай стараннасцю вывучаў матэматыку, медыцыну і багаслоўе, але асабліва яго прыцягвала астраномія.

Бюст Каперніка ў Кракаве.

Па заканчэнні ўніверсітэта (1494) Капернік не атрымаў ніякага навуковага звання, і сямейны савет вырашыў, што яму трэба выбраць духоўную кар’еру. Важкім довадам на карысць такога выбару было тое, што дзядзька-апякун якраз быў у сане біскупа.

Для працягу адукацыі Капернік паехаў у Італію (1497) і паступіў у Балонскі ўніверсітэт. Апроч багаслоўя, права і старажытных моў, ён меў там магчымасць займацца і астраноміяй. Цікава адзначыць, што адным з прафесараў у Балонні быў тады Сцыпіён дэль Фера, з адкрыццяў якога пачалося адраджэнне еўрапейскай матэматыкі. Тым часам, дзякуючы старанням дзядзькі, у Польшчы Каперніка завочна абралі канонікам у епархіі Варміі.

У 1500 годзе Капернік пакінуў універсітэт, ізноў не атрымаўшы ніякага дыплома ці звання, і паехаў у Рым. Ва ўспамінах Рэтыка гаворыцца, што Капернік выкладаў у рымскім універсітэце шэраг дысцыплін, уключаючы астраномію, аднак іншыя біёграфы сумняваюцца ў гэтым факце[13]. Потым, пасля кароткачасовага знаходжання на радзіме, выехаў у Падуанскі ўніверсітэт і працягнуў вывучэнне медыцыны.

У 1503 годзе Капернік, нарэшце, завяршыў сваю адукацыю, здаў у Ферары экзамены, атрымаў дыплом і навуковую ступень доктара кананічнага права. Ён не спяшаўся вяртацца і, з дазволу дзядзькі-біскупа, наступныя тры гады займаўся медыцынай у Падуі.

У 1506 годзе Капернік атрымаў вестку, магчыма, надуманую, пра хваробу дзядзькі. Ён пакінуў Італію і вярнуўся на радзіму. Наступныя 6 гадоў ён правёў у біскупскім замку Гейлсберг, займаючыся астранамічнымі назіраннямі і выкладаннем у Кракаве. Адначасна з’яўляўся лекарам, сакратаром і даверанай асобай дзядзькі Лукаша.

Вежа Каперніка ў Фромбарку.

У 1512 годзе памёр дзядзька-біскуп. Капернік пераехаў у Фромбарк, маленькае мястэчка на беразе Віслінскага заліва, дзе ён увесь гэты час лічыўся канонікам, і прыступіў да сваіх духоўных абавязкаў. Навуковыя даследаванні ён, аднак, не кінуў. Паўночна-заходняя вежа крэпасці стала абсерваторыяй.

Ужо ў 1500-я гады задума новай астранамічнай сістэмы склалася ў яго цалкам ясна[14].

Ён пачаў пісаць кнігу з апісаннем новай мадэлі свету, абмяркоўваючы свае ідэі з сябрамі, сярод якіх было нямала яго аднадумцаў (прыкладам, Тыдэман Гізе, біскуп Кульскі). У гэтыя гады (прыкладна 1503—1512) Капернік шырыў сярод сяброў рукапісны канспект сваёй тэорыі: Commentariolus, ці «Малы каментарый пра гіпотэзы, што адносяцца да нябесных рухаў»), а яго вучань Рэтык апублікаваў ясны выклад геліяцэнтрычнай сістэмы ў 1539 годзе. Відаць, чуткі пра новую тэорыю шырока разышліся ўжо ў 1520-х гадах. Работа над галоўнай працай — «Пра кручэнне нябесных сфер» — працягвалася амаль 40 гадоў, Капернік увесь час уносіў у яе ўдакладненні, рыхтаваў новыя астранамічныя разліковыя табліцы.

Чуткі пра новага выдатнага астранома шырыліся ў Еўропе. Існуе версія, не пацверджаная дакументальна, што Папа Леў X запрасіў Каперніка ўзяць удзел у падрыхтоўцы каляндарнай рэформы (1514, рэалізавана толькі ў 1582 годзе), але ён ветліва адмовіўся[15].

Калі было трэба, Капернік прысвячаў свае сілы і практычным работам: па яго праекце ў Польшчы была ўведзена новая манетная сістэма, а ў горадзе Фромбарку ён пабудаваў гідраўлічную машыну, што забяспечвала вадой усе дамы. Асабіста, як лекар, займаўся барацьбою з эпідэміяй чумы 1519 года. У час польска-тэўтонскай вайны (1519—1521) арганізаваў паспяховую абарону біскупства ад тэўтонаў. Па заканчэнні канфлікту Капернік браў удзел у мірных перагаворах (1525), якія завяршыліся стварэннем на ордэнскіх землях першай пратэстанцкай дзяржавы — герцагства Прусія, васала польскай кароны.

Апошнія гады жыцця

[правіць | правіць зыходнік]
А. Лесер. Смерць Каперніка.

У 1531 годзе 58-гадовы Капернік аддаліўся ад спраў і засяродзіўся на завяршэнні сваёй кнігі. Адначасна ён займаўся медыцынскай практыкай (бясплатна). Верны Рэтык увесь час клапаціўся пра хуткае выданне працы Каперніка, але яно прасоўвалася павольна. У 1542 годзе стан навукоўца значна пагоршыўся, наступіў параліч правай паловы цела.

Капернік сканаў 24 мая 1543 года ва ўзросце 70 гадоў ад інсульта. Некаторыя біёграфы (напрыклад, Тыдэман Гізе[16]) сцвярджаюць, што аўтар незадоўга да смерці паспеў убачыць сваю працу надрукаванаю. Але іншыя даводзяць[17], што гэта было немагчыма, бо апошнія месяцы жыцця Капернік знаходзіўся ў цяжкай коме.

Кніга Каперніка засталася як выдатны помнік чалавечай думкі.

Месцазнаходжанне магілы Каперніка вельмі працяглы час заставалася невядомым, аднак у час раскопак у кафедральным саборы Фромбарка ў 2005 годзе былі выяўлены чэрап і косці ног. Параўнальны ДНК-аналіз гэтых астанкаў і двух валасоў Каперніка[18], выяўленых у адной з кніг, якія належалі яму, пацвердзіў, што знойдзены астанкі менавіта Каперніка.[19][20][21]. 20 мая 2010 года пачалася цырымонія перапахавання астанкаў Мікалая Каперніка. 21 мая труна была дастаўлена ў кафедральны сабор горада Фромбарка, дзе Капернік зрабіў свае самыя важныя адкрыцці. Па дарозе ў Фромбарк труна прайшла праз некалькі гарадоў Вармінска-Мазурскага ваяводства — Добрэ Мяста, Лідзбарк Варміньскі, Арнэту, Пяненжна і Бранева, з якімі Капернік быў звязаны ў час сваёй дзейнасці. 22 мая 2010 года астанкі вялікага навукоўца былі пахаваны ў кафедральным саборы Фромбарка. Урачыстую цырымонію правёў прымас Польшчы, архібіскуп Гнезненскі Юзаф Кавальчык. Пахаванне астанкаў таксама было прымеркавана да святкавання 750-годдзя горада.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Геліяцэнтрычная сістэма Каперніка

[правіць | правіць зыходнік]

Разважаючы пра Пталемееву сістэму свету, Капернік здзіўляўся яе складанасці і штучнасці і, вывучаючы творы старажытных філосафаў, асабліва Нікіты Сіракузскага і Філалая, ён прыйшоў да высновы, што не Зямля, а Сонца павінна быць нерухомым цэнтрам Сусвету. Зыходзячы з гэтага дапушчэння, Капернік вельмі проста вытлумачыў усю ўяўную заблытанасць рухаў планет, але, не ведаючы яшчэ праўдзівых шляхоў планет і лічачы іх акружнасцямі, ён быў вымушаны захаваць эпіцыклы і дэферэнты старажытных для тлумачэння нераўнамернасці рухаў.

Ствараючы сваю геліяцэнтрычную сістэму, Капернік абапіраўся на матэматычны і кінематычны апарат тэорыі Пталемея, на атрыманыя апошнім пэўныя геаметрычныя і лікавыя заканамернасці. Так, у мадэлі Пталемея ўсе планеты падначальваліся агульнаму (хоць і незразумеламу ў рамках геацэнтрызму) закону: радыус-вектар кожнай планеты ў эпіцыкле заўсёды супадаў з радыус-вектарам Зямля — Сонца, а рух па эпіцыкле для верхніх планет (Марс, Юпітэр, Сатурн) і па дэферэнце для ніжніх (Меркурый, Венера) адбываўся з аднолькавым для ўсіх планет гадавым перыядам. У мадэлі Каперніка дадзены закон атрымаў простае і лагічнае тлумачэнне[22].

Галоўны і амаль адзіны твор Каперніка, плён больш чым 40-гадовай яго працы, — «Пра кручэнне нябесных сфер» (лац.: De revolutionibus orbium coelestium). Сачыненне выдадзена ў Нюрнбергу ў 1543 годзе; яно друкавалася пад наглядам найлепшага вучня Каперніка, Рэтыка.

У прадмове да кнігі Капернік піша:

Прымаючы ў меркаванне, якой недарэчнасцю павінна здацца гэта навука, я доўга не вырашаўся надрукаваць маю кнігу і думаў, ці не лепш будзе ўзяць прыклад з піфагарэйцаў і іншых, якія перадавалі сваю навуку толькі сябрам, шырачы яе толькі шляхам падання.

Нюрнбергскі тэолаг Андрэас Азіяндэр, якому Рэтык даручыў друкаванне кнігі Каперніка, з асцярожнасці забяспечыў яе ананімнай прадмовай, у якой назваў новую мадэль умоўным матэматычным прыёмам, прыдуманым для скарачэння вылічэнняў. Адзін час гэта прадмова прыпісвалася самому Каперніку, хоць той у адказ на просьбу Азіяндэра зрабіць падобную агаворку рашуча адмовіўся. Услед за прадмовай ідуць хвалебнае пісьмо кардынала Шонберга і прысвячэнне Папу Паўлу III.

Па структуры галоўная праца Каперніка амаль паўтарае «Альмагест» у трохі скарочаным выглядзе (6 кніг замест 13). У першай кнізе (часткі) гаворыцца пра шарападобнасць свету і Зямлі, а замест палажэння пра нерухомасць Землі змешчана іншая аксіёма: Зямля і іншыя планеты круцяцца вакол восі і абарачаюцца вакол Сонца. Гэта канцэпцыя падрабязна аргументуецца, а «думка старажытных» пераканаўча аспрэчваецца. З геліяцэнтрычных пазіцый ён лёгка тлумачыць зваротны рух планет.

Капернік надаваў Зямлі тры кручэнні: першае — кручэнне Зямлі вакол сваёй восі з вуглавой скорасцю ω; другое (са скорасцю ω′) — вакол восі свету, якая перпендыкулярная плоскасці зямной арбіты і праходзіць праз яе цэнтр; трэцяе (з процілегла накіраванай скорасцю ω′′) — вакол восі, паралельнай восі свету і праведзенай праз цэнтр Зямлі. Два апошнія кручэнні ўтвараюць (пры дакладным супадзенні ω′ і ω′′ па велічыні) пары кручэнняў, эквівалентную паступальнаму руху Зямлі вакол Сонца па кругавой арбіце[23].

У другой частцы працы Каперніка даюцца звесткі па сферычнай трыганаметрыі і правілы вылічэння бачных палажэнняў зорак, планет і Сонца на купале неба.

У трэцяй гаворыцца пра гадавы рух Зямлі і пра так званую прэцэсію раўнадзенстваў, якая скарочвае трапічны год (ад раўнадзенства да раўнадзенства) у параўнанні з сідэрычным (вяртанне да таго ж палажэння адносна нерухомых зорак) і прыводзіць да перасоўвання лініі перасячэння экватара з экліптыкай, што змяняе экліптычную даўгату зоркі на адзін градус у стагоддзе. Гэту прэцэсію тэорыя Пталемея ў прынцыпе не магла вытлумачыць[24]. Капернік жа даў дадзенай з’яве вытанчанае кінематычнае тлумачэнне (паказаўшы сябе вельмі спрактыкаваным механікам): ён выказаў здагадку, што вуглавая скорасць ω′′ не дакладна роўная ω′, а крыху ад яе адрозніваецца; рознасць гэтых вуглавых скорасцей і выяўляецца ў прэцэсіі раўнадзенстваў[23].

У чацвёртай частцы гаварылася пра Месяц, у пятай — пра планеты наогул, а ў шостай — пра прычыны змены шырот планет. У кнізе таксама ўтрымваліся зорны каталог, ацэнка памераў Сонца і Месяца, адлегласці да іх і да планет (блізкія да праўдзівых), тэорыя зацьменняў. Трэба адмыслова адзначыць, што сістэма Каперніка (у адрозненне ад сістэмы Пталемея) давала магчымасць вызначыць адносіны радыусаў планетных арбіт. Гэты факт, а таксама і тое, што ў апісанні руху планет выкідваўся першы і самы важны эпіцыкл, рабіла сістэму Каперніка прасцейшай і больш зручнай, чым пталемееўская

Ян Матэйка. Астраном Капернік або размова з Богам (1872)

Насуперак устоянай думцы, сама кніга Каперніка «De Revolutionibus Orbium Coelestium» была фармальна забаронена інквізіцыяй толькі на 4 гады, аднак падпала пад цэнзуру. У 1616 годзе яна была занесена ў рымскі індэкс забароненых кніг з пазнакай «да выпраўлення». Патрабаваныя цэнзурныя папраўкі, якія трэба было ўнесці ўладальнікам кнігі для магчымасці далейшага выкарыстання, былі абнародаваны ў 1620 годзе. Гэтыя выпраўленні галоўным чынам адносіліся да сцвярджэнняў, з якіх вынікала, што геліяцэнтрызм з’яўляецца не проста матэматычнай мадэллю, але адлюстраваннем рэальнасці. Захавалася мноства асобнікаў першага (Нюрнберг, 1543), другога (Базель, 1566) і трэцяга (Амстэрдам, 1617) выданняў, што належалі, у прыватнасці, вядомым астраномам і іншым гістарычным асобам, у якіх уладальнікі выканалі наказ цэнзуры з рознай ступенню лаяльнасці: ад поўнага затушоўвання патрабаваных фрагментаў Каперніка і надпісання рэкамендаванага тэксту, да поўнага ігнаравання наказаў. Каля 2/3 захаваных копій з Італіі былі выпраўлены іх уладальнікамі, тым часам як пераважная большасць копій з іншых краін не выпраўлялася. Іспанскі індэкс забароненых кніг дазваляў кнігу. Цікава, што асобнікі другога і трэцяга выдання прывезлі ў Кітай езуіцкія місіянеры ў 1618 годзе ў час фармальнага дзеяння забароны. Кніга была вынята з рымскага Індэкса забароненых кніг у 1835 годзе[25].

Іншыя дасягненні ў астраноміі

[правіць | правіць зыходнік]

Капернік адзін з першых выказаў думку пра сусветнае прыцягненне. У яго кнізе (частка I, раздзел IX) гаворыцца:

Я думаю, што цяжар ёсць не што іншае, як некаторае імкненне, якім Боскі Дойлід надзяліў часціцы матэрыі, каб яны злучаліся ў форме шара. Гэтай уласцівасцю, напэўна, валодаюць Сонца, Месяц і планеты; яму гэтыя свяцілы абавязаны сваёй шарападобнай формай.

Насуперак пашыранай думцы, Капернік не прадказваў, што Венера і Меркурый маюць фазы, падобныя месяцавым[26].

Капернік звярнуў увагу на заканамернасць, вядомую як Закон Каперніка — Грэшэма (незалежна выяўлены таксама англійскім банкірам Томасам Грэшэмам). Згодна гэтаму прынцыпу, больш устойлівыя па сваім курсе грошы (напрыклад, залатыя) будуць выцясняцца з абароту, бо людзі будуць запасіць у іх зберажэнні, а ў рэальным абароце будуць браць удзел «горшыя» (напрыклад, медзяныя) грошы. Варта заўважыць, што такі эфект назіраецца толькі ў тым выпадку, калі дзяржава ўсталявала фіксаваны курс абмену золата на медзь (ці серабро). Ва ўмовах сапраўды свабоднага абмену золата на медзь (серабро) і назад ніякія грошы не з’яўляюцца «добрымі» ці «дрэннымі» і з прычыны гэтага не выцясняюцца з рынку іншымі.

Аўтар прац:

  • N.C. Meditata XV. Augusti anno domini MDXVII., 1517,
  • Tractatus de monetis, 1519,
  • Monetae cudendae ratio, 1528,
  • De Revolutionibus Orbium Coelestium — Нюрнберг, Германія: 1543 г.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

У Ягелонскім універсітэце захоўваецца карціна Яна Матэйкі «Астраном Капернік, або размова з Богам».

У яго гонар усталявана шмат помнікаў у Польшчы і Еўропе. Сярод іх помнік, на якім высечаны словы: «Solis stator. Terra motor» («Які спыніў Сонца. Які рушыў Зямлю»). Імя Мікалая Каперніка носіць Торуньскі ўніверсітэт.

  1. 1 2 Berry A. A Short History of Astronomy — London: John Murray, 1898.
  2. 1 2 MacTutor History of Mathematics archive — 1995. Праверана 22 жніўня 2017.
  3. 1 2 Коперник Николай // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 13 : Конда — Кун. — С. 124–125. Праверана 28 верасня 2015.
  4. ↑ Your pictures: Poland — 2012. Праверана 2 мая 2024.
  5. ↑ De revolutionibus orbium coelestium Праверана 2 мая 2024.
  6. ↑ http://www.historyorb.com/people/nicolaus-copernicus
  7. ↑ http://copernicus.torun.pl/en/biography/1491-1495/2/
  8. ↑ PubMed — 1997.
  9. ↑ Матэматычная генеалогія — 1997. Праверана 10 жніўня 2016.
  10. ↑ Davies, Norman (2005). God's playground. A History of Poland in Two Volumes. Vol. II. Oxford University Press. p. 20. ISBN 0199253404.
  11. ↑ Miłosz, Czesław (1983). The history of Polish literature (2 ed.). University of California Press. p. 37. ISBN 0520044770.
  12. ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 3.
  13. ↑ Баев К. Л. Коперник 1935, с. 27..
  14. ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 4.
  15. ↑ Коперник. О вращениях небесных сфер 1964, с. 553..
  16. ↑ Гл. Человек, который сдвинул Землю.
  17. ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 6.
  18. ↑ В Польше перезахоронены останки Коперника
  19. ↑ ВЗГЛЯД / Найдена могила Коперника
  20. ↑ MEMBRANA: Обнаружена могила Николая Коперника Архівавана 16 лютага 2009.
  21. ↑ Коперник смотрел на мир голубыми глазами(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2009. Праверана 11 ліпеня 2016.
  22. ↑ Еремеева 1986, с. 267.
  23. 1 2 Веселовский 1974, с. 79—80.
  24. ↑ Веселовский 1974, с. 77—78.
  25. ↑ O. Gingerich. The book nobody read. Chasing the Revolutionibus of Nicolaus Copernicus. Penguin books, 2004
  26. ↑ Edward Rosen. Глава 10. // Copernicus and His Successors. — Continuum, 1995. — С. 81—97. — ISBN 185285071X, 9781852850715.