Спадчыннасьць
Спа́дчыннасьць — уласьцівасьць арганізмаў забясьпечваць матэрыяльную і функцыянальную пераемнасьць паміж пакаленьнямі як адзін з галоўных фактараў эвалюцыі. Спадчыннасьць рэалізуецца ў працэсе ўзнаўленьня ў шэрагу пакаленьняў спэцыфічнага характару абмену рэчываў і індывідуальнага разьвіцьця. Фактары спадчыннасьці лякалізаваныя ў храмасомах і цытаплязьме (цытаплязматычная спадчыннасьць).
Генэтычная інфармацыя захоўваецца, узнаўляецца і перадаецца пры размнажэньні арганізмаў у выглядзе малекулаў нуклійных кісьляў (ДНК, РНК), якія ёсьць матэрыяльнамі носьбітамі ўсіх відаў спадчыннасьці. Асобная роля ў спадчыннасьці належыць дакладнасьці ўзнаўленьня малекулаў нуклійных кісьляў у працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі, а таксама высокай ступені дакладнасьці сынтэзу бялкоў у працэсе трансьляцыі. Рэалізацыя спадчыннасьці залежыць ад асаблівасьцей генатыпу, вонкавых умоваў і адбываецца ў розных варыянтах. Напрыклад, асобіны з розным генатыпам маюць аднолькавы фэнатып (дамінантнасьць), арганізмы з аднолькавым генатыпам розьняцца сваім фэнатыпам (мадыфікацыя). Функцыянальная пераемнасьць пакаленьняў забясьпечваецца таксама перадачай інфармацыі ад аднаго пакаленьня да другога ў хадзе навучаньня, што ўважаецца за сыгнальную спадчыннасьць. Грунтам гэтага працэсу ёсьць умоўнарэфлекторная дзейнасьць вышэйшых арганізмаў, што асабліва выяўляецца ў чалавека.
У час узьнікненьня і разьвіцьця жыцьця на Зямлі спадчыннасьць адыгрывала вырашальную ролю шляхам спалучэньня кансэрватыўнасьці са зьменлівасьцю ў замацаваньні дасягнутых эвалюцыйных пераўтварэньняў. Вывучэньне заканамернасьцяў спадчыннасьці мае важнае значэньне для мэдыцыны, сельскай гаспадаркі і іншых галінаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 94 Заяц Р. І. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2002 Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. Спадчыннасць.
| Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |